МУЗЕЙ ДРАЎЛЯНАЙ ЛЫЖКІ (Музей деревянной ложки)
Пятніца, 26.04.2024, 04:03
Меню сайта

Раздзелы рубрык
Нашы артыкулы [4]
СМІ пра нас [52]

Наша апытанне
Дзе ў горадзе павінен стаяць помнік Лыжцы?
Всего ответов: 86

Пошук

Статыстыка

Главная » Статьи » СМІ пра нас

ЧЫТАЙЦЕ ТУТ. СМІ пра нас

Каханне з першай лыжкі

У папулярным рэкламным роліку булёну "Галіна Бланка” вытворцы рабілі стаўку на якасць стравы і абяцалі, што ад іх смакаты за вушы не адцягнеш. Лыжкары ж Міншчыны, што днямі сабраліся ў горадзе на Бярэзіне, перакананы: смак любой стравы залежыць ад самой лыжкі, канешне, калі яна драўляная.

Даўней, зразумела, пра металічны посуд толькі марылі. Елі з гліняных ці драўляных місак. Больш чалавек цаніў усё ж драўніну з-за таннасці, трываласці і здольнасці зберагаць цяпло. Здавён з дрэва рабілі і лыжкі. За многія стагоддзі яны набылі даволі прыгожую і зграбную форму, што найперш адпавядала іх прызначэнню.

Шырокі попыт на лыжкі выклікаў паўсюднае развіццё лыжкарства — своеасаблівага промыслу. Вырабам і збытам на мясцовых кірмашах драўляных лыжак часта займаліся цэлыя вёскі. На Беларусі лыжкі ніколі не расфарбоўвалі, у адрозненне ад рускай традыцыі вырабу, затое многія майстры для сябе, у падарунак ці для выставы рабілі лыжкі з рознымі ручкамі, часцей за ўсё ў выгля­дзе рыбкі. Цяпер жа "сезон” драўляных лыжак прыпадае на лета, калі варыцца варэнне. Ды і сапраўдных лыжкароў засталіся адзінкі. Памятаю, на Капыльшчыне, у вёсцы маёй бабулі, дзед Міша забяспечваў лыжкамі ўсіх жанчын у акрузе. Захавалася такая і ў мяне дома — пяцідзесяцігадовая памочніца ўжо патрэскалася, пацямнела ад часу, але новую не маглі купіць, аж пакуль не трапілі ў Беразіно...


Аляксандр Івянейчык усяго за тры гадзіны змайстраваў вось такую лыжку.

Ідэю адрадзіць спрадвечную традыцыю і правесці абласное свята-конкурс драўлянай лыжкі супрацоўнікі абласнога цэнтра народнай творчасці выношвалі тры гады.  "Бярэзінскіх лыжкароў” сабралася пад сорак чалавек, маладыя мужчыны-разьбяры па-заліхвацку штукарылі насамрэч шэдэўры. Былі сярод удзельнікаў і дзве дзяўчыны са Случчыны, якія са спрытам расфарбоўвалі гатовыя вырабы. Ліпеньская спёка ўнесла свае карэктывы ў свята, успомніўся дзіцячы верш:  "Распачаў Пятро работу, ажно нос змакрэў ад поту...”.
А пакуль майстры тры гадзіны працавалі над лыжкамі, госці свята разглядвалі іх хатнія работы. А паглядзець сапраўды было што! Яўген Осіпаў з вёскі Лагі Бярэзінскага раёна прывёз лыжку-вожыка — для тых, хто марыць пахудзець. На зробленай у выглядзе доўгага носа ручцы калючы звонку чарпачок так проста не адважышся паднесці да рота — колецца. Яўген Паўлавіч зрабіў калючкі з простых зубачыстак, і атрымалася выдатна. У яго калекцыі была і самая вялікая лыжка з выявай герба Беразіно на ручцы, ёмістасцю 12 літраў! Задумаў разьбяр  зрабіць цэлую серыю лыжак. Першая, пад назвай «Раніца», ужо была прадстаўлена на выставе. Усяго ж іх будзе чатыры — раніца, дзень, вечар і ноч.

Ніхто з роду Яўгена Паўлавіча не займаўся разьбой па дрэву, аднак усе былі людзьмі творчымі:

— Бацька быў выдатным печніком, дзядзька — сталяром і цесляром, дзед мэблю рабіў. А сам я недзе 12 год таму назад пачаў рэзаць. Нават крэслы драўляныя рабіў з сябе ростам!

Працуе бярэзінскі лыжкар выклад­чыкам фізікі, астраноміі, інфарматыкі і малявання ў мясцовай сярэдняй школе. Майстэрні спецыяльнай у яго няма — дзе сеў, там і рэжа. І, як сапраўдны майстра, Яўген Паўлавіч сам «без ботаў», а дакладней —  без лыжкі.

А вось яго зямляк Васіль Мурашка займаецца выключна вырабам лыжак. Пачаў з нуля, як пайшоў на пенсію. Сам рабіў інструмент, распрацоўваў тэхналогію. Не было ў яго і настаўнікаў, вучняў таксама пакуль няма — дзе там, толькі год, як з разцом у руках. Ліпавыя, асінавыя, яблыневыя, грушавыя, альховыя — усе яго лыжкі падобныя адна на адну, быццам вырабленыя на станку-аўтамаце. Такія прыгожыя і гладзенькія — трымаеш у руках, і здаецца, што яны не з дрэва зроблены, а з фантастычна мяккага матэрыялу.

Майстар-метадыст Клецкага раённага цэнтра рамёстваў Аляксандр Івянейчык за адведзеныя на конкурсе тры гадзіны на нашых вачах   зрабіў самую вялікую лыжку з ручкай у выглядзе качкі. У яго купіла некалькі драўляных лыжак і кубак і я, а праз тое даведалася, як апрацоўваюць па старадаўніх тэхналогіях драўляны посуд перад ужыткам.

— Выварыць трэба ваш кубак у нерафінаваным алеі або тлушчы пры тэмпературы 70 градусаў 5—7 хвілін, — падказаў адзін з членаў журы,  таксама разьбяр, Зміцер Няхай. — А калі лыжку выбіраеце — глядзіце, каб гладзенькая была з усіх бакоў.

— А на якіх лыжках лепш граць?

— Асінавых! Вы б чулі, як яны звіняць! А для ежы лепш браць яблыневую.



Яне КЛІМОВІЧ толькі пяць, а яна ўжо грае на лыжках у дзіцячым фальклорным калектыве «Валошкі»
Новінскага сельскага Дома культуры.

Ледзь паспела дайсці, каб хоць глянуць на цікавыя лыжкі Валерыя Чараднічэнкі, кіраўніка народнай студыі «Разьбы зачараванне» са Стоўбцаў. Усім пакупнікам, на жаль, такога эксклюзіву не хапіла. На канцах ручак яго лыжак красаваліся ... дулі!

— Яны цудадзейныя, ад сурокаў, — з усмешкай тлумачыць вусаты майстар. — Калі варыць гаспадыня дома варэнне, а тут раптам суседка ў госці завітала. Згадзіцеся, можа і сурочыць!

На яго стале ляжалі і лыжкі-дудкі, без доўгіх угавораў Валерый выканаў простую мелодыю. Больш за ўсё лыжак за адведзены час — ажно 8 — зрабіў вілейскі майстар Сяргей Дубяга. Хаця, як сцвярджае сам разьбяр, за тры гадзіны ён робіць 15 лыжак! Проста падчас конкурсу ён крыху параніўся.

Першы абласны конкурс-свята драўлянай лыжкі не пакінуў без дыпломаў і каштоўных прызоў ніводнага ўдзельніка. Свае работы майстры прэзентавалі  для музея драўлянай лыжкі, які хутка з’явіцца ў Бярэзінскім раённым Доме культуры, а свята з цягам часу стане бярэзінскай «разыначкай». Хто ведае, можа, праз некалькі год у гэтым горадзе з’явіцца і помнік беларускай драўлянай лыжцы.

Таццяна РУСАКОВІЧ, журналіст газеты "Мінская праўда"
Фота аўтара.

Матэрыял узяты з http://minpraud.by/articles.php?id=2945&current_date=2010-07-20
Категория: СМІ пра нас | Добавил: lyzhkary (26.03.2012)
Просмотров: 2405
Copyright MyCorp © 2024
Бесплатный хостинг uCoz