МУЗЕЙ ДРАЎЛЯНАЙ ЛЫЖКІ (Музей деревянной ложки)
Пятніца, 19.04.2024, 14:46
Меню сайта

Раздзелы рубрык
Нашы артыкулы [4]
СМІ пра нас [52]

Наша апытанне
Ці ёсць у Вас драўляная лыжка?
Всего ответов: 55

Пошук

Статыстыка

Главная » Статьи » СМІ пра нас

ЧЫТАЙЦЕ ТУТ. СМІ пра нас
БОЛЬШ ЗА ПЯЦЬ СТАГОДДЗЯЎ... І БЕЗ МУЗЕЯ. Дэталь да агульнай карціны.
ЛЫЖКА, ЯКУЮ НЕЛЬГА АБЛІЗАЦЬ
 
Ні гісторыка-краязнаўчага музея, ні раённага Дома рамёстваў у Беразіне няма. Але ёсць прыватная ўстанова, якая фактычна іх замяняе: Пакой-музей драўлянай лыжкі. Ён створаны намаганнямі намесніка дырэктара раённага Дома культуры Ганны Ждановіч.
- Справа ў тым, што летась у Беразіне адбылося абласное свята-конкурс "Бярэзінскія лыжкары", - патлумачыла Ганна Ждановіч.- Шматлікія ўдзельнікі пакінулі нам у падарунак свае вырабы. А я ў спадчыну атрымала гэты драўляны дом, які на той час пуставаў. Таму і з'явілася ідэя сабраць лыжкі з розных рэгіёнаў Міншчыны і размясціць іх у адным з пакояў хаты. Летась, 30 верасня, прыватная ўстанова ўпершыню адкрыла свае дзверы для наведвальнікаў...
Цяпер у пакоі-музеі сабрана столькі лыжак і ўзораў драўлянай скульптуры, што ад іх колькасці, разнастайнасці і ўнікальнасці вочы проста разбягаюцца!
- Вось лыжка "Вожык-альбінос", якую нельга аблізаць, - паказвае Ганна Ждановіч цікавы драўляны выраб з вялізнымі іголкамі,- вось лыжка, на якой можна граць, бы на дудзе, а вось самая маленькая... Але мы марым зрабіць на падворку хаты самую вялізную лыжку ў свеце, каб перасягнуць па памерах той выраб з дрэва, які трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса. Спадзяёмся зрабіць сваю, беларускую, рэкордную лыжку ўжо ў наступным годзе, калі будзем ладзіць чарговае абласное свята-конкурс лыжкароў. І, зразумела, - увайсці з нашай лыжкай у Кнігу рэкордаў Гінеса!...
Пры ўстанове створаны клуб сяброў Пакоя-музея драўлянай лыжкі, а таксама даволі часта тут ладзіць свае пасяджэнні народны клуб майстроў Бярэзінскага РДК, які, дарэчы, таксама заснавала Ганна Ждановіч. А ў яшчэ адным пакоі музея цяпер месцяцца дзве выстаўкі. Адна з іх - "Скарбы мінулага"- распавядае пра грошы розных гістарычных перыядаў і здольная зацікавіць любога аматара баністыкі і нумізматыкі.
У працы Ганне Ждановіч дапамагае яе дачка Алена, якая, да таго ж, з'яўляецца загадчыкам дзіцячага аддзела РДК. А ёй, у сваю чаргу, дапамагае муж - інжынер аднаго з раённых прадпрыемстваў Аляксандр Паскробка. Вынік іх працы- навідавоку. Музей наведваюць шматлікія школьнікі і жыхары раёна. І, зразумела, сыходзяць адсюль, уражаныя самаадданай працай гэтых людзей.
Дарэчы, як зазначыў на нядаўнім міжнародным семінары "Літаратурныя музеі Беларусі, Расіі і Літвы: перспектывы развіцця і супрацоўніцтва" намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі, колькасць прыватных музеяў у Беларусі будзе ўзрастаць.
- Цікавасць да іх даволі высокая, у людзей ёсць магчымасці для фарміравання экспазіцый, - зазначыў намеснік міністра культуры. - Думаю, што гэтая частка музеяў будзе запатрабавана нашым грамадствам...
Прыклад стварэння прыватнага музея ў Беразіне пацвярджае гэыя словы на практыцы. Але без падтрымкі з боку інвестараў пра далейшае паспяховае развіццё Пакоя-музея драўлянай лыжкі казаць сёння досыць складана. Напрыклад, каб пастаянна ладзіць у гэтай установе разнастайныя выстаўкі, трэба ўсталяваць сігналізацыю. Зразумела, што за кошт сваіх сродкаў і на адным энтузіязме Ганна Ждановіч гэтага зрабіць не ў стане. А ці зацікавіцца ўстановай патэнцыйны інвестар - пытанне з досыць няпэўным адказам...
Юрый Чарнякевіч, газета "Культура"
http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=6348

Категория: СМІ пра нас | Добавил: lyzhkary (25.03.2012)
Просмотров: 684
Copyright MyCorp © 2024
Бесплатный хостинг uCoz