МУЗЕЙ ДРАЎЛЯНАЙ ЛЫЖКІ (Музей деревянной ложки)
Пятніца, 29.03.2024, 08:26
Меню сайта

Раздзелы рубрык
Нашы артыкулы [4]
СМІ пра нас [52]

Наша апытанне
Ці даводзілася Вам есці драўлянай лыжкай?
Всего ответов: 299

Пошук

Статыстыка

Главная » Статьи » СМІ пра нас

ЧЫТАЙЦЕ ТУТ. СМІ ПРА НАС

"БЯРЭЗІНСКІЯ ЛЫЖКАРЫ”

lizhkar

У мінулую суботу ў гарадскім скверы прайшло першае абласное свята-конкурс драўлянай лыжкі "Бярэзінскія лыжкары”. Гэту ідэю арганізатары, у ліку якіх была і супрацоўніца раённага Дома культуры Ганна Аляксандраўна Ждановіч, выношвалі тры гады. І вось, нарэшце, бярэзінская зямля вітала ў сябе майстроў–лыжкароў з Вілейскага, Клецкага, Любанскага, Мядзельскага, Слуцкага, Стаўбцоўскага, Крупскага і Чэрвеньскага раёнаў. Сабраліся яны паказаць свой талент, майстэрства і спрыт, якія патрабуюцца, каб звычайнае паленца ператварыць у лыжку. Тры гадзіны працягваліся гэтыя цуды, сведкамі іх стала мноства бярэзінцаў…

Пры раскопках Пінска, Давыд-Гарадка, Турава і Полацка вучоныя знаходзілі касцяныя лыжкі, аздобленыя гравіраваным арнаментам у выглядзе пляцёнкі, сеткі і крыжыкаў. Сярод пануючых класаў распаўсюджаны былі прыборы з каляровых і каштоўных металаў, багата аздобленыя гравіраваннем і чарненнем эмалі, а простыя людзі перавагу аддавалі драўлянай лыжцы.

Шырокі побыт на іх выклікаў паўсюднае развіццё лыжачнага промыслу. Вырабам і збытам на мясцовых кірмашах займаліся сем’і і цэлыя вёскі. У адрозненні да рускіх лыжах беларускія ніколі не фарбаваліся.

У народным музычным мастацтве выкарыстоўваюцца дзве лыжкі, якія ў час ігры музыка паварочвае адна да адной выпуклым бокам. Так лыжкі ў 1920 годзе ўвайшлі ў нацыянальную музычную практыку і пашырылі творчасць ансамбляў і аркестраў.

Ды і сёння драўляныя лыжкі не саступаюць па папулярнасці металічным. Амаль у кожнай гаспадыні яны займаюць пачэснае месца сярод посуду: без іх не зварыш духмянага варэння, не прыгатуеш смачную кашу. Ды і прыгажуня-лыжка лепш за іншыя дэкарацыі можа ўпрыгожыць пакой кухні.

У Бярэзінскім раёне атрад лыжкароў дастойна ўзначальвае Яўген Паўлавіч Осіпаў з вёскі Лагі. Працуе ён выкладчыкам фізікі, астраноміі, інфарматыкі і малявання ў сельскай школе. Ніхто з роду Яўгена Паўлавіча не займаўся разьбой па дрэве: бацька клаў добрыя печы, дзядзька працаваў цесляром і сталяром, дзядудя вырабляў мэблю. Сам Яўген Паўлавіч толькі дванаццаць гадоў назад сур’ёзна захапіўся разьбой па дрэве.

- Ніякіх спецыяльных умоў для гэтага не патрабуецца, – прызнаецца бярэзінскі лыжкар. – Дзе сеў, там і рэзаў.

Сёння ў Яўгена Паўлавіча цэлая калекцыя драўляных вырабаў. Вельмі спадабалася ўсім удзельнікам свята лыжка-вожык. Гэта сапраўдная знаходка для тых, хто марыць пахудзець. На зробленай у выглядзе доўгага носа ручцы калючы звонку чарпачок: паднясеш да рота – колецца. Калючкі – творчая знаходка майстра, які так арыгінальна выкарыстаў для іх звычайныя зубачысткі. Важнае і пачэснае месца ў калекцыі майстра займае і самая вялікая лыжка з выявай герба Беразіно на ручцы. Ёмістасць у яе аж 12 літраў! У планах Яўгена Паўлавіча зрабіць цэлую серыю лыжак. Ды толькі шкада – сам майстар абыходзіцца без драўлянай лыжкі. Магчыма, хутка яе зробяць свайму настаўніку вучні, якія на свяце дэманстравалі прысутным ужо набытыя навыкі разьбы па дрэве.

Васіль Андрэевіч Мурашка з Беразіно вырабам лыжак займаецца крыху больш за год. Пайшоў на пенсію – вольнага часу стала багата. Вось і ўспомніў, што некалі бацька вырабляў лыжкі. Паспрабаваў – атрымалася. Знайшоўся ў гэтага майстра і свой сакрэт: усе яго лыжкі падобныя адна на адну, нібы вырабленыя на "станку-аўтамаце”. Яго лыжачкі такія прыгожыя і гладкія, што калі трымаеш іх у руках, здаецца, нібы гэта не дрэва, а нейкі загадкавы і цёплы матэрыял. Васіль Андрэевіч выкарыстоўвае самую розную драўніну. Тут і асіна, і альха, і ліпа, і груша, і яблыня.

Аматары разьбы па дрэве здольныя не толькі добрую і зручную лыжку выразаць, але і альтанку пабудаваць. Ды і ў адрозненні ад продкаў імкнуцца з густам і арыгінальна аздобіць самыя звычайныя рэчы. Майстрыхі з раённага Дома дзіцячай творчасці ўмудрыліся нават стварыць лыжкі ў тэхніцы філіграні. Вось дык дзіва!

valasevich Цягнуцца да майстроў і пачынаючыя лыжкары. Зусім нядаўна праявіўся талент да гэтага рамяства ў жыхара вёскі Міхалёва Мікалая Георгіевіча Валасевіча. За плячыма ў мужчыны Аршанскае вучылішча дрэваапрацоўшчыкаў. Працавітасці і настойлівасці Мікалаю Георгіевічу не пазычаць: спецыяльна да свята выразаў некалькі прыгожых лыжак.

Захапіў гледачоў выдатнай тэхнікай і спрытам Аляксандр Віктаравіч Іванейчык. Вось ужо дзесяць гадоў ён займаецца разьбой па дрэве і працуе ў раённым цэнтры рамёстваў у Клецку. На вачах людзей Аляксандр Віктаравіч змайстраваў вялізную лыжку з ручкай у форме качкі. Бойка ішоў каля яго міні-майстэрні і продаж драўлянага посуду.

Не ведалі стомы ў гэты спякотны ліпеньскі дзень і рукі майстра Сяргея Анатольевіча Дубягі. Ён – член Беларускага саюза майстроў – можа вырабіць да 15 лыжак за тры гадзіны. Гэта своеасаблівы рэкорд.

Першы абласны конкурс-свята драўлянай лыжкі нікога не пакінуў раўнадушным і шчодра аддзячыў кожнага ўдзельніка дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Журы на чале з прафесарам, доктарам мастацтвазнаўства, старшынёй Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці Яўгенам Міхайлавічам Сахутай прызнала лаўрэатамі Яўгена Паўлавіча Осіпава, Андрэя Раманавіча Сіняка і Васілія Андрэевіча Мурашку, дыпломы дасталіся Мікалаю Рыгоравічу Валасевічу і Андрэю Сяргеевічу Мацкевічу. Не былі пакрыўджанымі майстрамі і бярэзінцы. Яны атрымалі цудоўную магчымасць купіць альбо зрабіць спецыяльны заказ на лыжку майстру, пакаштаваць смачнага і духмянага мядку драўлянай лыжкай, паслухаць канцэрт мастацкай самадзейнасці, дзе свае нумары прадставілі дзіцячы калектыў Лешніцкага СДК, вакальны ансамбль "Славяначка”, вакальная група "Рэчанька”, Косаўскага СДК, вакальны калектыў Сялібскага СДК, фальклорны ансамбль "Валошкі” Новінскага СДК і калектыў мастацкай самадзейнасці аўтаклуба Клічаўскага раёна. Тым жа, каму перашкодзіла наведаць свята спякотнае ліпеньскае надвор’е, адчайвацца не трэба. Хутка раённы Дом культуры наладзіць выставу драўлянай лыжкі. Экспанаты для яе прэзентавалі ўсе майстры, а праз тры гады работнікі культуры абяцаюць ізноў запрасіць бярэзінцаў на абласное свята-конкурс, якое стане традыцыяй у нашым горадзе.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Категория: СМІ пра нас | Добавил: lyzhkary (14.05.2012)
Просмотров: 760
Copyright MyCorp © 2024
Бесплатный хостинг uCoz