МУЗЕЙ ДРАЎЛЯНАЙ ЛЫЖКІ (Музей деревянной ложки)
Чацвер, 28.03.2024, 22:31
Меню сайта

Раздзелы рубрык
Нашы артыкулы [4]
СМІ пра нас [52]

Наша апытанне
Ці ёсць у Вас драўляная лыжка?
Всего ответов: 55

Пошук

Статыстыка

Главная » Статьи » СМІ пра нас

ЧЫТАЙЦЕ ТУТ. СМІ ПРА НАС

Самая вялiкая у Беларусi лыжка – памерам 12 лiтраў

У Беразiно з’явіўся музей лыжкі дзякуючы намаганням і энтузіазму мясцовых жыхароў.

Лыжачнае майстэрства на беларускай зямлі вядома з даўніх часоў. Самыя першыя лыжкі былі выраблены з гліны, нашы ж продкі доўгі час выразалі іх з дрэва.

- Вось гэта лыжка была знойдзена на сметніку. Бачна, што ёю карысталася не адно пакаленне. Гэта самая старая лыжка ў музеі. Менавіта з яе ўсё і пачалося, — гаворыць Ганна Ждановіч, паказваючы мне даволі нязграбны, счарнелы ад часу экспанат.



Пакой-музей драўлянай лыжкі размяшчаецца ў прыватным доме Ганны Ждановіч. Дзякуючы ініцыятыве гэтай жанчыны, яе энтузіазму і пленнай працы і ўзнік такі музей. Амаль усё сваё жыццё Ганна Аляксандраўна займаецца народнай творчасцю, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Доўгі час яна была намеснікам дырэктара Бярэзінскага раённага Дома культуры, а пасля таго як пайшла на пенсію, стала кіраўніком народнага клуба майстроў.

- На Беларусі нямала лыжачнiкаў, але прадметы іх творчасці нідзе не захоўваюцца. У 2010 годзе было арганізавана абласное свята драўлянай лыжкі "Бярэзінскія лыжкары”. Больш за 50 майстроў прымалі ўдзел у мерапрыемстве, і кожны з іх падараваў сваю калекцыю лыжак для будучага музея, — рассказвае Ганна Ждановіч. — У Доме культуры месца для экспазіцыі не знайшлося, краязнаўчага музея ў горадзе няма, вось я і вырашыла размясціць экспанаты ў сваім доме. Там ужо ніхто не жыве.



Зараз у пакоі-музеі налічваецца больш за 150 драўляных лыжак. Аказваецца, звычайны прадмет быту можа быць такім разнастайным, цікавым і прыгожым. Размаляваныя рознакаляровыя лыжкі, лыжкі, упрыгожаныя бісерам і саломкай, лыжкі, на ручцы якіх выразаны ўзоры і фігуркі, маленькія і вялікія лыжкі, музыкальныя і вельмі арыгінальныя. Напрыклад, лыжка-вожык, на выраб якой спатрэбілася больш за 1000 зубачыстак. Гордасцю музея з’яўляецца лыжка памерам на 12 літраў, на ручцы якой выразаны герб Беразіно.

- Гэта пакуль што самы вялікі экспанат. Яго вырабіў наш мясцовы майстар Яўген Осіпаў, — гаворыць гаспадыня музея. — А вось лыжкі Васіля Мурашкі — роўненькія, гладкія, падобныя адна на адну. Адразу відаць почырк аўтара.

На сценах пакоя вісяць фотаздымкі і дыпломы майстроў, захоўваюцца ў музеі і матэрыялы аб лыжачным майстэрстве. Цікава, што наведвальнікі пакоя-музея могуць не толькі азнаёміцца з творчасцю майстроў, паспрабаваць лыжкі ў якасці музычных інструментаў, але і зрабіць iх у тэхніцы "папяровая філігрань”.

Сёння ў музеі захоўваюцца не толькі лыжкі. Мясцовыя жыхары нясуць туды розныя рэчы хатняга побыту: старажытныя бязмены, самавары, газавыя лямпы, ёсць нават зброя 1812 года.

- У пакоi-музеi праводзім розныя выставы, культурныя мерапрыемствы, — распавядае Ганна Ждановіч. — Так, у мінулым годзе мы далучыліся да акцыі "Ноч у музеі” і арганізавалі канцэрт лыжачнiкаў, гарманістаў, розныя забавы. Была ў нас выстава ваенных экспанатаў, вышываных ікон, выстава, прысвечаная нашаму земляку Аляксандру Парвусу. На Новы год зрабілі для дзяцей паштовую станцыю Дзеда Мароза, прэзентавалі калекцыю старых навагодніх паштовак ад нашага краязнаўцы і вялікага калекцыянера Ігара Жукоўскага. У гэтым годзе мы таксама правядзём "Ноч у музеі”, а летам — абласное свята лыжачнiкаў. Ёсць ідэя зрабіць і помнік лыжкі. Эскізы мы прапануем распрацаваць майстрам, якія прыедуць на свята.



Падзялілася Ганна Аляксандраўна са мной і ўласнымі творчымі планамі. Зараз жанчына вельмі зацікавілася традыцыйнымі беларускімі лялькамі і стварыла ўжо 30 прыгажунь. Іх выстава праходзіць у Бярэзінскім раённым Доме культуры.

- Увогуле, хачу падрыхтаваць 100 лялек і размясціць іх таксама ў гэтай хаце, — гаворыць яна. — Але асноўная мэта — зрабіць самую вялікую лыжку ў свеце. На сённяшні дзень у Кнігу рэкордаў Гінэса занясена 9-мятровая лыжка. Мы ўжо з мясцовымі майстрамі шукаем дуб даўжынёй 11-13 метраў. Калі зробім такі экспанат, то праславім Беразіно далёка за яго межамі.

Вікторыя СЕМЯНОВІЧ
Фота аўтара
http://www.prof-press.by/belarus/news/culture/5489.html
Категория: СМІ пра нас | Добавил: lyzhkary (11.05.2012)
Просмотров: 727
Copyright MyCorp © 2024
Бесплатный хостинг uCoz