МУЗЕЙ ДРАЎЛЯНАЙ ЛЫЖКІ (Музей деревянной ложки)
Чацвер, 25.04.2024, 02:38
Меню сайта

Раздзелы рубрык
Нашы артыкулы [4]
СМІ пра нас [52]

Наша апытанне
Ці ёсць у Вас драўляная лыжка?
Всего ответов: 55

Пошук

Статыстыка

Главная » Статьи » СМІ пра нас

Чытайце тут.

 

Святло знаёмай зоркі

цветы памяти
21 жніўня 2015 года, да гадавіны смерці былога культработніка Бярэзінскага раёна Ганны Ждановіч адбылася вечарына памяці ў рамках праекта “Святло знаёмай зоркі”. У зале Бярэзінскага РДК сабраліся родныя, сябры, калегі, аднадумцы – тыя, каму пашчасціла не размінуцца ў жыцці з гэтай сонечна­таленавітай жанчынай.

У  будынку раённага Дома культуры кожны куточак памятае яе, бо іх службовы раман  цягнуўся 39 гадоў. Яркае, як палёт каметы ў начным небе, жыццё Ганны  Ждановіч і па сённяшні дзень выклікае ў землякоў захапленне.

Зорка па імені   Ганна   нарадзілася ў 1956 годзе ў Чэр­веньскім раёне ў шматдзетнай сям’і. Жыццё было сагрэта шчаслівым  дзяцінствам: добрыя, працавітыя бацькі, сёстры і браты, школьныя сябры. Пасля заканчэння Мінскага культасветвучылішча была накіравана ў 1975 годзе  на работу   метадыстам. Без малога 8 асабістых пяцігодак, 16 тысяч 600 дзён творчага гарэння асвятляла сцены Дома культуры, з радасцю ішла на працу, гаварыла: “Праца – маё аплачваемае хобі”. Ганна Ждановіч – знакавая асоба, чыё імя залатымі літарамі ўпісана ў летапіс культуры раёна і вобласці.  Чалавек­камертон з каласальным зарадам энергіі.Намеснік дырэктара Ганна Жда­новіч  была надзейнай апорай 5 дырэктарам. Культработнікі з гумарам гаварылі: “У нас дырэктар – галава, а намеснік дырэктара ­  галоўнакамандуючы”. Пры ёй змянілася 6 загадчыкаў аддзела культуры, з кожным яна знаходзіла сваю, асаблівую хвалю адносін, казала: “Разумнаму загаду лёгка падпарадкоўвацца”.

Творчасць штосекундна пульсавала ў яе сэрцы. Навацыяй у раёне і вобласці стаў створаны Ганнай Ждановіч інтэлектуальны клуб “Што? Дзе? Калі?”. Яна ажыўлена перапісвалася з вядучым аднайменнай тэле­гульні  У. Варашылавым,  сустракалася       са     знатаком Б. Бурдой. Намаганнямі Ганны Аляксандраўны ў Беразіно прапісалася  “Поле цудаў” з барабанам­рулеткай   у натуральную   велічыню,     як   у самога Л. Якубовіча. Затым былі “Брэйн­рынг”, “Угадай мелодыю”, ад душы і для душы працавалі клубы “Даярачка” і “Гаспадыня”, папулярнасць якіх зашкальвала сярод бярэзінскіх жанчын. Бог насыпаў ёй талентаў поўнай жменяй. Не раз Ганна шчыра прызнавалася: “Усё умею, акрамя вышыўкі крыжыкам і язды на веласіпедзе”. Дарэчы, бар’ер “вышыўка крыжыкам” быў пераможна ўзяты.  Было шмат заняткаў, ад якіх атрымлівала задавальненне: саламяныя капелюшы, паясы, лялькі, папяровая філігрань, выцінанка, паштоўкі, кветкавыя кампазіцыі  ­ вось няпоўны спектр яе здольнасцей ­  не даходны промысел , а слаўнае хобі. З жаночым какецтвам прызнавалася: “Са мной не жыве ні адзін брыльянт, ні адзін ізумруд, затое вялікая колькасць зробленых сваімі рукамі самацветаў”. Людзей творчых у суполку збірала, кіруючыся правераным практыкай правілам: “Маё”  ­ нетрывалае, “наша” ­  устойлівей. Аўтар раённай праграмы “Спадчына”, стваральнік раённага клуба майстроў, які ўжо праз тры гады дзейнасці атрымаў званне “народны” і з’яднаў звыш 30 чалавек розных захапленняў. Ездзіла, вышуквала, як алмаз у пыле, кожны самародак. Рэзчыка па дрэве А.Сіняка знайшла ў вёсачцы Жарамец. Малады хлопец, інвалід  ІІ групы  стаў уладальнікам Гран­пры Мінскага аблвыканкама. Захапленне пратрымала яго, невылечна хворага, практычна замурованага ў сценах сялянскай хаты, 10 гадоў.

Творчая дзеяздольная асоба Ганна  Ждановіч  загаралася творчымі ідэямі. На абласным семінары ва Уздзе “Беларускія паясы” пазнаёмілася з мясцовымі ўмельцамі, і праз 2­3 месяцы ў Бярэзінскім раёне пачалі масавае ўкараненне  тэхналогіі пляцення паясоў. З абласнога конкурсу ў Слуцку “Беларуская лялька” прывезла новае захапленне ­  і ў 2013 годзе заняла ў конкурсе  І­ае месца ў вобласці: ёй не было роўных у вырабе лялек у суквецці фарбаў і ўбораў. Рэалізавала І­ае абласное свята “Бярэзінскія лыжкары”, пяць гадоў назад адкрыла ў хаце свекрыві па вуліцы Піянерскай у Беразіно музей драўлянай лыжкі, які зараз прадстаўлены ў будынку Цэнтра рамёстваў і з’яўляецца турыстычным брэндам раёна.

Талент самадзейнай актрысы Ганны Ждановіч быў запатрабаваны на падмостках народнага драмтэатра РДК: яна сыграла ў трох спектаклях, адзначана дыпломам за лепшую эпізадычную ролю на І­ым абласным фестывалі народных тэатраў “Бярэзінская рампа”, пацвердзіўшы ўласные меркаванне, што малых роляў не бывае. Творчай душы аўтограф – відэафільмы Ганны Ждановіч серыі “СНЫ”, у якіх з тонкім сарказмам і іроніяй, з задзірыстай бескампраміснасцю адлюстраваны праблемы раённай культуры канца 90­х  ­ пачатку 2000­х г.г.

Шмат было планаў, ды прыціснуў іх цяжкі магільны граніт. Марыла зрабіць запаветную колькасць – 100 лялек, ды атрымалася толькі 90, і апошняя – у чорным убранні. Не паспела ажыццявіць сваю  мару – выразаць самую вялікую лыжку ў свеце і трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса…

Чалавек адыходзіць у вечнасць, а добрая памяць аб ім застаецца. На радаводным дрэве, якое яшчэ пры жыцці склала Ганна Ждановіч, восемдзесят  чалавек, і самы маленькі жалудочак на магутным Дрэве жыцця – яе ўнук Паўлуша. Жыццё працягваецца.

На вечарыне памяці землякі ўзгадвалі Ганну  Ждановіч светла, задушэўна, выступілі былыя кіраўнікі  аддзела  культуры П. Жукоўскі, К. Ермакоў, былы галоўны спецыяліст       па     культуры Т. Ржэуцкая, былы дырэктар А. Строк… Кожны цепліў у сэрцы агеньчык светлай памяці сустрэч, сяброўства, добрых спраў, прыбярог жменьку цёп­лых успамінаў з глыбіні душы, не баючыся выплеснуць  слёзы і пачуцці, паспавядацца перад светлым воблікам зямлячкі. Плакала і “прасветлена гаварыла” гітара М. Міхайлоўскага, заварожваў пяшчотай раманс “Гары, гары, мая зорка”, гучаў голас  М. Кожухава, песня “Ляці да   сонца”   на словы   зямлячкі Н. Федаровіч (музыка і выкананне А. Бардзіна і группы “Садко”), ажывалі на экране “маленькія шэдэўрыкі” ­ відэафільмы Ган­ны Ждановіч з  цыкла “Сны работнікаў культуры” і  кадры эпізодаў жыцця самой гераіні “Нябесная ластаўка”. Калі для плачу не хапала прозы, гучалі вершы аўтарства Т. Вера-мейчык.  На прасветленай ноце прагучала выступленне настаяцеля Свята­Георгіеўскай царквы айца Аляксея “Смерці няма – душа бессмяротная!”.

У  гонар светлай памяці былога культработніка ў раёне аб’яўлены Тыдзень добрых спраў з заклікам не траціць жыццё на дробязі, а паглядзець на свет вачыма сэрца, каб убачыць, каму патрэбна дапамога. Добрыя справы – адзінае багацце, якое не нажывеш ні за якія грошы, толькі працай душы.

Тамара  КРУТАЛЕВІЧ ,

загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦБ.

http://www.berezino.by/?p=25790

 

Категория: СМІ пра нас | Добавил: lyzhkary (28.08.2015)
Просмотров: 595
Copyright MyCorp © 2024
Бесплатный хостинг uCoz