МУЗЕЙ ДРАЎЛЯНАЙ ЛЫЖКІ (Музей деревянной ложки)
Пятніца, 19.04.2024, 06:31
Меню сайта

Раздзелы рубрык
Нашы артыкулы [4]
СМІ пра нас [52]

Наша апытанне
Ці ёсць у Вас драўляная лыжка?
Всего ответов: 55

Пошук

Статыстыка

Главная » Статьи » СМІ пра нас

ЧЫТАЙЦЕ ТУТ.

"БЯРЭЗІНСКІЯ ЛЫЖКАРЫ”

DSC_0405 Мурашка, Поскрёбко, Осипов сDSC_0156 Иванейчик Алдр Виктор. Клецк.с

DSC_0490 молодожёны выбирают. с

Вяселле Ганны і Сяргея Борыс надоўга застанецца ў памяці маладых і жыхароў раёна. Яны паклалі пачатак новай трыдыцыі – фатаграфавацца каля помніка драўлянай лыжцы. Стваральнікі яго – Яўген Осіпаў, Аляксандр Паскробка і Васіль Мурашка ўпэўнены: маладая сям’я не будзе ведаць бяды. Не аспрэчвае гэта і лыжкар Аляксандр Іванейчык з Клецкага раёна: яго лыжка з ручкай у выглядзе бусліка спадабалася маладажонам і стала першым падарункам маладой сям’і. А адбыліся прэзентацыя помніка і вяселле ў ходзе ІІ-ога рэгіянальнага свята-конкурсу драўлянай лыжкі "Бярэзінскія лыжкары”.

Не менш яркай падзеяй мерапрыемства стаў і пераезд у новы будынак музея драўлянай лыжкі.

- Ідэя стварэння драўлянай лыжкі з’явілася даўно, – гаворыць кіраўнік народнага клуба майстроў Ганна Ждановіч. – Пэўны час у рэгіёне вывучаецца гісторыя драўлянай лыжкі і дзейнічае народны клуб майстроў.

Цяпер каля двухсот экспанатаў розных па памерах і па тэхніцы выканання, размясцілася ў пакоях Бярэзінскай гімназіі. Лыжкі тут вісяць вялікімі гронкамі на сценах. Яны – гладкія, акуратныя, бялюткія з непаўторным пахам свежазрэзанай драўніны. Зроблены рукамі бярэзінскіх майстроў і ўмельцаў з іншых рэгіёнаў Мінскай вобласці. Экспазіцыя музея не будзе пастаяннай: яе кожныя два гады будуць папаўняць і аднаўляць лыжкі, вырабленыя ўдзельнікамі рэгіянальнага свята-конкурсу "Бярэзінскія лыжкары”.

У сёлетнім мерапрыемстве прынялі ўдзел 28 майстроў з Любанскага, Вілейскага, Крупскага, Валожынскага, Клецкага, Салігорскага і Бярэзінскага раёнаў. Прыехалі яны на свята не з пустымі рукамі, а са сваімі новымі вырабамі і, канечне, вучнямі.

Вялікую армію паслядоўнікаў рамяства мае кіраўнік народнай студыі Аляксей Гарбуноў з Крупскага раёна. Ён – былы ваенны, які на пенсіі пачаў займацца разьбой па дрэве і ўжо мае вялікі атрад вучняў. Звычайна гэта хлапчукі, якіх мужчына праз працу з дрэвам далучае да любові да роднай зямлі і пашане да вайсковай службы. Аднак на свяце-конкурсе майстра літаральна ўзяла ў палон маладая жанчына. Яна даўно марыла сваімі рукамі выразаць драўляную лыжку, вось і прыйшла за гэтым на мерапрыемства. Трэба аддаць ей належнае: настойлівасці і ўпартасці не пазычаць. Старанна і акуратна яна рупілася над сваёй лыжкай, уважліва слухала парады майстра. Аляксей Гарбуноў шчыра радаваўся азарту новай вучаніцы: з яе атрымаецца добры лыжкар!

Драўляная лыжка ў наш час – не простае народнае мастацтва. Гэта і своеасаблівы сродак выхавання чалавека. Так, на І-ым рэгіянальным конкурсе-свяце ў поўны голас заявіў аб сабе майстар-лыжкар Мікалай Валасевіч з вёскі Міхалёва. Спецыяльна да мерапрыемства ён выразаў некалькі лыжак, але якіх! Кожная з іх не была падобная на іншую, уражвала дакладнасцю формаў і акуратнасцю. Гэта прынесла Мікалаю заслужаную славу разьбяра па дрэве, і сёння ён ахвотна папаўняе калекцыю музея і дорыць вырабы людзям.

Дзе ёсць добрая лыжка, павінен быць і смачны мёд. Таму на свяце кожны ўдзельнік мог не толькі набыць лыжку, але і зрабіць запас салодкага прадукту. Гурманам прапаноўвалі грэцкі, ліпавы, чаборавы, разнатраўны, чэрвеньскі, ліпеньскі мядок бярэзінскія пчаляры Раіса Лясецкая, Аляксандр Курневіч, Пётр Буры, Любоў Гермалід. Парадавала пакупнікоў і цана прыроднага дару – яна была памяркоўнай.

Па традыцыі рэгіянальнае свята-конкурс "Бярэзінскія лыжкары” назвала лепшых у дзевяці намінацыях. Журы на чале з доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам, старшынёй Саюза майстроў Рэспублікі Беларусь Яўгенам Сахутай складана было вызначыць намінантаў, бо кожны з майстроў паказаў высокае майстэрства і мастацкі густ, арганічна спалучыў форму з дэкорам лыжкі, зрабіў уклад у адраджэнне традыцый лыжкарскага мастацтва і дазволіў яму заняць пачэснае месца ў сучасным жыцці.

Так, славуты бярэзінскі майстар разьбы па дрэве Яўген Осіпаў – пераможца ў намінацыі "За творчае развіццё мастацкіх традыцый лыжкарскага рамяства і адаптацыю іх да сучаснага асяродка”. Не засталіся незаўважанымі і таленты яго вучняў. Павел Осіпаў стаў адным з лепшым у намінацыі "За высокае майстэрства і мастацкі густ”, Анатоль Гамеза – "За захаванне мастацкіх традыцый у вырабе і аздабленні драўлянай лыжкі”, а Уладзімір Бузін –"За арганічнае спалучэнне формы і дэкору лыжкі”. Дыплом "За лепшую калекцыю хатніх работ” атрымаў Васіль Мурашка, а Аляксандр Паскробка заваяваў узнагароду ў намінацыі "За творчы дэбют у вырабе і аздабленні драўлянай лыжкі”. Кіраўнік народнага клуба майстроў Ганна Ждановіч – уладальнік дыплома "За захаванне і развіццё лыжкарскага майстэрства, арганізацыю пакоя-музея і ажыццяўленне праекта па стварэнні помніка драўлянай лыжцы”.

- Конкурс лыжкароў – унікальная магчымасць яшчэ раз пераканацца ў неабходнасці свайго рамяства людзям, – прызнаюцца бярэзінскія лыжкары. – Патрэба ў лыжкарскім майстэрстве штурхае нас на новыя подзвігі на ніве ўмацавання турыстычнага брэнда ў Беразіно.

Як прызналіся разьбяры, у іх бліжэйшых планах – пабіць рэкорд Гінэса і выразаць лыжку даўжынёй звыш 10 метраў. Маштабы памераў уражваюць, ды і майстэрства не выклікае пытанняў. Таму ўслед за музеем і помнікам драўлянай лыжцы бярэзінцаў чакае слава сапраўднай мекі лыжкарскага мастацтва.

Мілана ТРАПЯНОК.

На здымках: А. Іванейчык; стваральнікі помніка драўлянай лыжцы – В. Мурашка, А. Паскробка і Я. Осіпаў; маладажоны выбіраюць лыжку.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

http://www.berezino.by/?p=13302
Категория: СМІ пра нас | Добавил: lyzhkary (20.08.2012)
Просмотров: 863
Copyright MyCorp © 2024
Бесплатный хостинг uCoz