МУЗЕЙ ДРАЎЛЯНАЙ ЛЫЖКІ (Музей деревянной ложки)
Пятніца, 26.04.2024, 19:25
Меню сайта

Раздзелы рубрык
Нашы артыкулы [4]
СМІ пра нас [52]

Наша апытанне
Ці даводзілася Вам есці драўлянай лыжкай?
Всего ответов: 299

Пошук

Статыстыка

Главная » Статьи » СМІ пра нас

ЧЫТАЙЦЕ ТУТ
14 августа 2012  №145

Бярэзінскія лыжкары

14 августа 2012
Незвычайная глыбінка
Вяселле маладой пары Ганны і Сяргея Борысаў застанецца ў памяці бярэзінцаў. Яны не толькі сталі першымі, хто сфатаграфаваўся каля новага помніка драўлянай лыжцы ў Беразіно, а і паклалі пачатак новай традыцыі ў горадзе. Кажуць, дакрануўшыся да помніка лыжцы, маладая сям’я будзе жыць у дастатку. 


,Лыжкі Аляксандра Іванейчыка з Клецка спадабаліся ўсім.


Разам са з’яўленнем незвычайнага помніка, які быў прэзентаваны ў мінулую суботу падчас другога свята-конкурсу «Бярэзiнскiя лыжкары», перабраўся ў новы будынак і музей драўлянай лыжкі. 

— Ідэю стварэння помніка драўлянай лыжцы мы выношвалі даўно, — распавядае кіраўнік раённага народнага клуба майстроў Ганна Ждановіч. — Ужо працяглы час у рэгіёне вядзецца крапатлівая праца па вывучэнню гісторыі драўлянай лыжкі, дзейнічае клуб майстроў драўлянай лыжкі, і вось сёлета музей пераехаў у новы будынак, які амаль у два разы большы за папярэдні. 

Музей драўлянай лыжкі быў створаны два гады назад у прыватным доме Ганны Ждановіч. Там было прадстаўлена больш за паўтары сотні драўляных лыжак, розных па памерах і тэхніцы выканання. Яны зроблены мясцовымі майстрамі разьбы па дрэве і майстрамі іншых раёнаў Мінскай вобласці, якія прымалі ўдзел у абласным свяце "Бярэзінскія лыжкары”. 

…Амаль усё сваё жыццё Ганна Ждановіч займаецца народнай творчасцю, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Доўгі час яна была намеснікам дырэктара Бярэзінскага раённага Дома культуры, а пасля таго як пайшла на пенсію, стала кіраўніком народнага клуба майстроў. 

У працы Ганне Аляксандраўне дапамагае яе дачка Алена. Яна стварыла сайт клуба майстроў і пакоя-музея драўлянай лыжкі, да таго ж, з'яўляецца майстрам-метадыстам народнага клуба майстроў. А Алене, у сваю чаргу, дапамагае муж Аляксандр Паскробка (працуе інжынерам). Вынік іх працы навідавоку. За час існавання музея яго наведала каля тысячы чалавек — не толькі жыхары горада і Бярэзінскага раёна, але і госці з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Італіі, В’етнама. Наведвальнікі музея маюць магчымасць палюбавацца драўлянымі лыжкамі з выявай герба горада Беразіно альбо з арыгінальнымі прыгожымі роспісамі, а таксама паспрабаваць… паіграць на іх. 

— На Беларусі нямала лыжачнiкаў, а прадметы іх творчасці нідзе не захоўваюцца. Таму два гады назад упершыню ў Беразіно вырашылі правесці свята-конкурс «Бярэзінскія лыжкары», — расказвае Ганна Ждановіч. — Шматлікія ўдзельнікі пакінулі нам у падарунак свае вырабы. А я ў спадчыну ад маці мужа атрымала драўляны дом, які на той час пуставаў. Таму і з'явілася ідэя сабраць лыжкі з розных рэгіёнаў Міншчыны і размясціць іх у адным з пакояў хаты. Вось і экспанаты з сёлетняга конкурсу, у якім прынялі ўдзел 28 майстроў з васьмі раёнаў Мінскай вобласці, будуць размешчаны ў новым будынку музея. 

Удзельнікі і госці свята мелі магчымасць пазнаёміцца з незвычайным музеем. Падчас наведвання ўражвае колькасць драўляных лыжак, розных па памерах. Яны вісяць на сценах вялізнымі гронкамі. Здаецца, толькі-толькі "выйшлі з-пад пяра” майстра — гладкія, акуратныя, бялюткія, з незабыўным пахам свежазрэзанай драўніны. 
— Гэта самая старая лыжка ў музеі. Яна была знойдзена на сметніку. Бачна, што ёю карысталася не адно пакаленне. Менавіта з гэтай лыжкі ўсё і пачалося, — гаворыць Ганна Аляксандраўна, паказваючы даволі нязграбны, пачарнелы ад часу экспанат. 

Лыжка для тых, хто хоча пахудзець 
Аказваецца, звычайны прадмет быту можа быць такім цікавым і прыгожым: размаляваныя лыжкі, лыжкі, упрыгожаныя бісерам і саломкай, лыжкі, на ручцы якіх выразаны ўзоры і фігуркі, маленькія і вялікія, музычныя… Лыжка Яўгена Осiпава, для жадаючых пахудзець, зробленая ў форме вожыка. Ручка — доўгі нос. На ёй — чарпачок: паднясеш да рота — колецца. Калючкі — творчая знаходка майстра, які так арыгінальна выкарыстаў для іх звычайныя зубачысткі (спатрэбілася больш за 1000 штук). 

— Вось лыжка «Вожык-альбінос», якую нельга аблізаць, — паказвае Ганна Ждановіч драўляны выраб з вялізнымі іголкамі. — Вось лыжка, на якой можна граць, бы на дудзе, а вось самая маленькая... 

Яўген Осіпаў — з вёскі Лагі. Працуе ён выкладчыкам фізікі, астраноміі, інфарматыкі і малявання ў Лагаўской школе. Ніхто з роду Яўгена Осіпава не займаўся разьбой па дрэве: бацька клаў добрыя печы, дзядзька працаваў цесляром і сталяром, дзядуля вырабляў мэблю. Сам Яўген Паўлавіч каля пятнаццаці гадоў назад сур’ёзна захапіўся разьбой па дрэве. Сёння ў яго цэлая калекцыя драўляных вырабаў: крэслы, цікавыя лыжкі са скульптуркамі мядзведзікаў… І кожны экспанат не падобны на папярэдні, вось такая аўтарская разыначка. Важнае і пачэснае месца ў калекцыі майстра займае і самая вялікая лыжка з выявай герба Беразіно на ручцы. Ёмістасць у яе аж 12 літраў! У планах Яўгена Паўлавіча зрабіць цэлую серыю лыжак. 

Калекцыя майстра Мурашкі 
Шмат драўляных лыжак у музеі належыць майстру-разьбяру Васілю Мурашку. 

Да свайго майстэрства Васіль Андрэевіч ішоў сам, без падказак, метадам спроб і памылак. Спачатку хацеў зрабіць лыжку з вяза, бо не ведаў, што гэта дрэва вельмі цвёрдае для такой мэты. Лепш за ўсё для вырабу лыжак падыходзяць "мяккія пароды” — асіна, ліпа, клён. 

У Васіля Андрэевіча свой сакрэт: усе яго лыжкі падобныя адна на адну, такія прыгожыя і гладкія. Аўтар з кожнай лыжкай "няньчыцца”, нібы з дзіцём. Трымаеш у руках і здаецца, што яны не з дрэва, а з нейкага загадкавага цёплага матэрыялу. У скарбонцы Васіля Андрэевіча каля 200 драўляных лыжак з самай рознай драўніны: асіны, альхі, ліпы, грушы, яблыні. 

Замах на рэкорд 
Вышыня помніка драўлянай лыжцы разам з пастаментам — 3,5 метры. Над вырабам самай вялікай лыжкі Беларусі працавалі тры майстры: Яўген Осіпаў, Аляксандр Паскробка і Васіль Мурашка. Выраб, упрыгожаны ўзорамі, плануецца размясціць на ўездзе ў горад альбо ў гарадскім скверы насупраць раённай бібліятэкі. Зараз гэтае пытанне вырашаецца кіраўніцтвам горада. 

«Мы разлічваем, што з’яўленне такой скульптурнай кампазіцыі паспрыяе ўмацаванню турыстычнага брэнда Бярэзінскага раёна», — адзначыла Ганна Ждановіч, дадаўшы, што на адкрыцці помніка спыняцца не збіраюцца, у будучыні бярэзінскія лыжкары маюць намер замахнуцца на сусветны рэкорд. 

— Наша асноўная мэта — зрабіць самую вялікую лыжку ў свеце. На сённяшні дзень у Кнігу рэкордаў Гінэса занесена лыжка даўжынёй 9 метраў 20 сантыметраў. Гэты рэкорд плануем пераўзысці. Побач з маім домам расце ліпа. І ёсць такая задумка — да верхавіны ліпы (уздоўж ствала) прымацаваць лыжку, каб яна расла самастойна ў вышыню. Так будзе вырашана праблема яе размяшчэння і зберажэння. Дрэва не будзе сапсавана. Калі зробім такі экспанат, то праславім Беразіно на ўвесь свет, — гаворыць Ганна Аляксандраўна. 

Падзялілася яна і ўласнымі творчымі планамі. Зараз жанчына зацікавілася традыцыйнымі беларускімі лялькамі і стварыла ўжо каля 40 прыгажунь, якія будуць размяшчацца таксама ў музеі. 


Алёна ДРАЗДОЎСКАЯ.

Категория: СМІ пра нас | Добавил: lyzhkary (20.08.2012)
Просмотров: 1116
Copyright MyCorp © 2024
Бесплатный хостинг uCoz