Яшчэ зімой 2014 г. вядомы бярэзінскі майстар Я.П.Осіпаў пачаў ствараць калекцыю драўляных лыжак з розных парод дрэў. Яе непаўторнасць і адметнасць заключаецца ў тым, што гледзячы на форму лыжак, іх тронкі можна здагадацца, з якога дрэва выразана "прыгажуня". Лёгка і з упэўненасцю можна назваць лыжку дубовую ці грушавую, яловую ці сасновую. А вось каб пазнаць яшчэ добры дзясятак лыжак, прыйдзецца напружыць памяць, каб успомніць усе назвы дрэў. Гасцей, якія вырашаць праверыць свае веды, чакаюць сюрпрызы - у калекцыі ёсць лыжкі-пярэваратні.
Дзіўная лыжка атрымалася з галінкі куста "воўчых ягад". Чалавеку, які хоць раз бачыў гэтую расліну з тонкімі галінкамі, адразу цяжка ўявіць, як такое магчыма. Але неяк вандруючы па лесе Яўген Паўлавіч убачыў куст, адна з галінак якой вырасла таўшчэзная, з нарастам... З яе і нарадзіўся драўляны шэдэўр.
На сённяшні дзень у калекцыі можна ўбачыць 23 лыжкі. Патрымаеш іх у руках і адчуеш, якія розныя дрэвы па сваёй вазе, колеру, структуры - карацей кажучы, яны зусім як людзі. Завітайце ў музей, пазнаёмцеся з калекцыяй лыжак і адкрыйце для сябе прыгожы свет мастацтва!
фота Г.Наркевіч
|