МУЗЕЙ ДРАЎЛЯНАЙ ЛЫЖКІ (Музей деревянной ложки)
Субота, 25.11.2017, 12:16
Меню сайта

Раздзелы рубрык
Нашы артыкулы [4]
СМІ пра нас [52]

Наша апытанне
Ці ёсць у Вас драўляная лыжка?
Всего ответов: 49

Пошук

Статыстыка

Главная » Статьи » СМІ пра нас

Чытайце тут.
zorka_00

Творчая асоба

Святло знаёмай зоркі

 Да крыўднага мала мы гаворым сардэчных, добрых словаў адно аднаму пры жыцці. Усё не хапае часу. Усё верыцца, што паспеем. А час няўмольны. У лістападзе гадоў ападаюць лісцікі чалавечых жыццяў. І як на дрэве няма подобных лісцікаў, так і чалавек непаўторны. На свеце ўжо ніколі не будзе такога – асаблівага. Правільна робяць тыя, хто не выкрэслівае з нататнікаў нумары тэлефонаў людзей, якія пайшлі ад нас, верачы, што повязь з імі не рвецца. Мы не маем маральнага права выкрэсліваць іх са сваёй памяці! Ніхто не вырве з памяці таго, з кім зводзілі дарогі лёсу.

Праект нашай бібліятэкі «Святло знаёмай зоркі» мае на мэце папулярызацыю імёнаў славутых землякоў, якія пражылі годнае жыццё, завяршылі свой зямны шлях, пакінулі аб сабе добрую памяць, з’яўляюцца прыкладам служэння Бацькаўшчыне, людзям і абранай справе. Доўгатэрміновы праект прадугледжвае цыкл вечарынаў памяці з выступленнямі сяброў, родзічаў, калег, вучняў і паплечнікаў з успамінамі «Дарагія абліччы». Фармат вечарынаў дазваляе завесці нетаропкую размову, адкінуць штодзённае, пагартаць старонкі жыцця дарагога чалавека, падзяліцца ўспамінамі з глыбіні душы, з донца сэрца, адкрываючы новыя грані – здзіўлення, усхвалення, пяшчоты. У папярэднія гады ў рамках праекта прайшлі вечарыны памяці, прысвечаныя былому журналісту раённай газеты «Бярэзінская Панарама», уладальніку абласной прэміі «Залатое пяро» паэтцы Гертрудзе Шчур, былым дырэктарам Бярэзінскага РДК Анатолю Хвашчынскаму і Бярэзінскай школы мастацваў Вячаславу Сакаву.Чытаць далей…

21 жніўня да гадавіны смерці былога культработніка Бярэзінскага раёна Ганны Ждановіч адбылася вечарына памяці ў рамках названага праекта. У зале Бярэзінскага РДК сабраліся родныя, сябры, калегі, аднадумцы – тыя, каму пашчасціла не размінуцца ў жыцці з гэтай сонечна-таленавітай жанчынай. У РДК кожны куточак памятае яе, бо іх «службовы раман» цягнуўся 39 гадоў. Тут лесвіца памятае яе крокі, гулкае рэха канцэртнай залы сумуе па яе голасе. Яркае, як палёт каметы ў начным небе, жыццё Г. Ждановіч і па сённяшні дзень выклікае ў землякоў захаплення.

zorka_02Зорка па імені Ганна нарадзілася ў 1956 годзе ў Чэрвенскім раёне ў шматдзетнай сям’і. Жыццё было сагрэтае дзяцінствам: добрыя, працавітыя бацькі, сёстры і браты, школьныя сябры. Палігонам узыходжання Асобы культработніка стаў РДК, куды пасля заканчэння Мінскага культасветвучылішча была накіраваная ў 1975 годзе метадыстам. Без малога 8 асабістых пяцігодак, 16 тысячаў 600 дзён творчага гарэння асвятляла сцены Дома культуры, з радасцю ішла на працу, гаварыла: «Праца – маё аплачванае хобі». Г. Ждановіч – знакавая асоба, чыё імя залатымі літарамі ўпісанае ў летапіс культуры раёна і вобласці. Асобу такога маштабу не кожны РДК, не кожны раён меў за гонар мець. Чалавек-камертон з каласальным зарадам энергіі. Без уяўнай велічы, намеснік дырэктара Г. Ждановіч была надзейнай апорай пяці дырэктарам РДК. Не любіла шэрасці, гаварыла: «Калі чорнае выдаюць за белае – выігрывае шэрае». Творчасць штосекундна пульсавала ў яе сэрцы, была спадарожніцай душы, якая прагла новых адкрыццяў.

zorka_01Навацыяй у раёне і вобласці стаў створаны Г. Ждановіч інтэлектуальны клуб «Што? Дзе? Калі?» Яна ажыўлена перапісвалася з вядучым аднайменнай тэлегульні У. Варашылавым, сустракалася са знаўцам Б. Бурдой. Намаганнямі Ганны Аляксандраўны ў Беразіно прапісалася «Поле цудаў» з барабанам-рулеткай у натуральную велічыню, як у самога Л. Якубовіча. Затым былі «Брэйн-рынг», «Угадай мелодыю», ад душы і для душы працавалі клубы «Даярачка» і «Гаспадыня», папулярнасць якіх зашкальвала сярод бярэзінскіх жанчынаў. Бог насыпаў ёй талентаў поўнай жменяй. З жаночым какетствам прызнавалася: «Са мной не жыве ні адзін брыльянт, ні адзін ізумруд, затое вялікая колькасць зробленых сваімі рукамі самацветаў». Людзей творчых у суполку збірала, кіруючыся правераным практыкай правілам: «маё» нетрывалае, «наша» устойлівей. Аўтар раённай праграмы «Спадчына», стваральнік раённага клуба майстроў, які ўжо праз тры гады дзейнасці атрымаў званне «народны» і з’яднаў звыш трыццаці чалавек розных захапленняў. Ездзіла, вышуквала, як алмаз у пыле, кожны самародак. Рэзчыка па дрэве А. Сіняка знайшла ў вёсачцы Жарамец. Малады хлопец, інвалід ІІ групы мог у адчаі ад хваробы выкінуць на задворкі свой талент, а стаў уладальнікам Гран-пры Мінскага аблвыканкама. Захапленне пратрымала яго, невылечна хворага, практычна замураванага ў сценах сялянскай хаты, 10 гадоў.

На вечарыне памяці землякі ўзгадвалі Г. Ждановіч светла, задушэўна, выступілі былыя кіраўнікі аддзела культуры П. Жукоўскі, К. Ермакоў,былы галоўны спецыяліст па культуры Т. Ржэуцкая, былы дырэктар А. Строк… Кожны цепліў у сэрцы агеньчык памяці сустрэчаў, сяброўства, добрых справаў, прыбярог жменьку шчырых успамінаў з глыбіні душы, не баючыся выплеснуць слёзы і пачуцці, паспавядацца перад светлым воблікам зямлячкі. Плакала і прасветлена гаварыла гітара М. Міхайлоўскага, заварожваў пяшчотай раманс «Гары, гары, мая зорка», гучаў голас «бярэзінскага Кабзона» М. Кожухава, песня «Ляці да сонца» на словы зямлячкі Н. Федаровіч (музыка і выкананне А. Бардзіна і группы «Садко»), ажывалі на экране «маленькія шэдэўрыкі» – відэафільмы Г. Ждановіч цыкла «Сны работнікаў культуры» і кадры эпізодаў жыцця самой гераіні «Нябесная ластаўка». Калі для плачу не хапала прозы, гучалі вершы аўтарства Т. Верамейчык. На прасветленай ноце прагучала выступленне настаяцеля Свята-Георгіеўскай царквы айца Аляксея «Смерці няма – душа бессмяротная!».

У гонар светлай памяці былога кульработніка ў раёне аб’яўлены Тыдзень добрых справаў з заклікам не траціць жыццё на дробязі, а паглядзець на свет вачыма сэрца: каму патрэбна дапамога, каму адзінока. Добрыя справы – адзінае багацце, якое не нажывеш ні за якія грошы, толькі працай душы.

Прысутныя пакідалі вечарыну не з банальна-горкім шкадаваннем, што жыццё кароткае, а з прасветленым пачуццём, што калі чалавек, нават самы на першы погляд просты, без высокіх пасадаў і званняў, жыве не адно для сябе, любімага, ён можа ўпрыгожыць, асвятліць жыццё вакол сябе, пакінуць след у людскіх душах і служыць для землякоў высокай меркай духоўнасці, інтэлігентнасці, працавітасці, сумленнасці. І тады ў слязіне страты можна ўбачыць сонца, не з горыччу сказаць: была, а з удзячнасцю: свяціла!

 Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦБ

(Цалкам артыкул чытайце ў №35 «Краязнаўчай газеты»)

http://bfk.by/?p=2301#more-2301

Категория: СМІ пра нас | Добавил: lyzhkary (17.10.2015)
Просмотров: 106
Copyright MyCorp © 2017
Бесплатный хостинг uCoz