МУЗЕЙ ДРАЎЛЯНАЙ ЛЫЖКІ (Музей деревянной ложки)
Субота, 25.11.2017, 12:20
Меню сайта

Раздзелы рубрык
Нашы артыкулы [4]
СМІ пра нас [52]

Наша апытанне
Ці даводзілася Вам есці драўлянай лыжкай?
Всего ответов: 291

Пошук

Статыстыка

Главная » Статьи » СМІ пра нас

ЧЫТАЙЦЕ ТУТ.

“Што сам зрабіў, тое і ёсць…”

Няма сядзібы — няма праблемы?
Чарговы раз пераканаліся: праблемы трэба вырашаць, а не змагацца з імі метадам радыкальнага вынішчэння як прычыны, так і выніку. Мы ж, урэшце, не злуемся на вецер і знесены ім дах, а проста цярпліва аднаўляем сваю хату. Але гэта — прыказка, што ў пэўнай ступені тлумачыць сэнс нашага падзагалоўка. Асноўная ж тэма артыкула звязана з далёка не казачнымі героямі, з якімі мы пазнаёміліся пад час чарговага аўтатуру, што пралёг гэтым разам праз тры вобласці і сем раёнаў ды быў асветлены першамайскім Днём працы. Але далёка не ва ўсіх аказалася яна выніковай…

 

/i/content/pi/cult/532/11547/10-1.jpg

Памяць Белі

Паколькі гэты нумар выходзіць у Дзень Вялікай Перамогі, мы вырашылі парушыць храналогію аповеду і пачаць з сюжэта, фактуру для якога сабралі ці не ў апошні дзень чатырохдзённай паездкі.

Вось што нам распавялі пра вёску Бель у Крычаўскім музеі (Палацы Пацёмкіна). Менавіта тут нарадзіўся будучы лётчык Аляксей Гуменнікаў. Стаў штурманам хуткаснага бамбардзіроўшчыка і 13 ліпеня 1941 года загінуў у няроўным баі з фашысцкімі знішчальнікамі над роднай вёскай. У складзе свайго экіпажа Аляксей Гуменнікаў збіў два варожыя самалёты, а трэці тараніў… Помнік быў адкрыты напярэдадні 9 мая 2015-га. На ім — адлюстраванне маладога пілота, што аддаў жыццё за нас, на плітах па баках — прозвішчы загінулых на мінулай вайне воінаў-землякоў. Адзін з ініцыятараў устаноўкі помніка — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама. А сёння, у Дзень Перамогі, мясцовыя работнікі культуры, вучні школы, дзе месціцца філіял Крычаўскай ДШМ, усклалі туды жывыя кветкі…

Гаворку пра СДК Белі, тутэйшы ўнікальны філіял ДШМ мы працягнем у наступных артыкулах, прысвечаных аўтапрабегу…

Загадка і адгадка Раванічаў

І загадка гэтая звязана не з калісьці велічным палацам Слацвінскіх, што зрабіў знакамітай вёску Раванічы Чэрвеньскага раёна. Пра палац мы яшчэ пагаворым. А вось чаму Раваніцкаму СДК на год даведзены гэткі ж план па аказанні платных паслуг (30 мільёнаў рублёў), як і Смілавіцкаму гарпасялковаму ДК, мы не зразумелі. Прынамсі — адразу. Дацямілі пазней і вельмі ўразіліся. Справа ў тым, што вясковая ўстанова культуры карыстаецца ў акрузе велізарнай папулярнасцю. Моладзь з суседніх паселішчаў на дыскатэкі (дый на іншыя мерапрыемствы) пастаянна скіроўваецца менавіта ў Раванічы. Вось і атрымліваецца, што іншыя клубы ў раёне зарабляюць па 5-10 мільёнаў у год, а Раваніцкі СДК — утрая больш.

Зацікаўлены чытач запытаецца: “Дык у чым жа вытокі той папулярнасці?” А вытокі два: Рыгор і Тамара Ладуцькі. Першы — дырэктар, другая — мастацкі кіраўнік. І жывуць яны па прынцыпе, які мы без разваг вынеслі ў загаловак гэтай публікацыі. Самі фарбуюць пры патрэбе штосьці ў сваёй гаспадарцы, самі добраўпарадкоўваюць тэрыторыю. А яна — немалая, бо знаходзіцца на землях колішняга парка ля знакамітага палаца. А СДК мае паблізу “філіял” — Маладзёжны цэнтр.

Тут трэба сітуацыю патлумачыць. Два гэтыя будынкі — часткі палацавага комплексу. Таму і даглядаюцца яны як мае быць, і выгляд маюць прыстойны. У СДК — глядзельная зала на 150 месцаў і шыкоўная апаратура. У Маладзёжным цэнтры — зала танцавальная, більярд ды тэніс, гэткая ж па якасці апаратура. У мясцовай сярэдняй школе такой няма, таму да Ладуцькаў бягуць, бо ў свой час настаялі, займелі, даглядаюць. Між тым адукацыя ў 63-гадовага Рыгора Аляксандравіча — агранамічная. Яшчэ адна прычына заўсёднай шматлюднасці ва ўстанове культуры — неверагодны па прыгажосці пейзажны старасвецкі парк, які вабіць і аматараў адпачыць з густам, і “неарганізаваных” турыстаў.

Цяпер — пра палац, помнік эпохі класіцызму. Пра яго належны выгляд толькі марыць застаецца. Пасля рэвалюцыі тут была школа, пасля — бальніца. У 1950-х палац адрэстаўравалі. Але з 1990-х ён, пустуючы, паступова пераўтвараецца ў руіны (як і касцёл на ўездзе ў вёску). Цяпер палац — на балансе аддзела. Адзіная надзея на тое, што прыглянецца ён прыватніку. Аднак з кожным годам шанцы на гэта — усё меншыя.

І вось тут ініцыятывы ды разваротлівасці адных толькі Ладуцькаў не стае. Якія можна зрабіць высновы? Адсутнасць профільнай адукацыі — праблема важная, але — не вырашальная. І гады — не перашкода выніковай клубнай дзейнасці, а гарантыя яе якасці. Што мы і назіраем на прыкладзе Раваніцкага СДК. Як і тое, што на даху мясцовага палаца маленькі бярозавы гай вырас, а ў сам будынак ужо страшна зайсці, стаяць побач — таксама. Кансервацыя палаца — справа не двух чалавек, яна ўсеагульная, стратэгічная, дзяржаўная. Каб яшчэ больш народу збіраць на клубныя мерапрыемствы ў парку і каб сваім мінулым, урэшце, ганарыцца…

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

У працяг тэмы нацыянальнага гонару. Фотаздымкі з камандзіровак выкладаю ў сацыяльныя сеткі. І не адзін дзясятак замежных сяброў пераканаў, што Беларусь — краіна замкаў ды палацаў. Здзіўленню іх няма мяжы. Таму страшна ўявіць, што ўсё гэта знікнуць можа. Хтосьці слушна заўважыў, што рэшткі Калізея — больш пашанотныя за адноўлены арыгінал. У апошнім варыянце подыху часу не стае. І нам, як падаецца, не варта часам і займацца рэканструкцыямі. Галоўнае — надзейна закансерваваць тое, што засталося. Каб сабой ганарыцца.

На што здольны тыповы экспанат?

Ды ні на што. Але пра гэта — пазней… Напярэдадні свята Вялікай Перамогі вельмі хацелі пабачыць адпаведную музейную экспазіцыю, якая была створана ў Беразіно яшчэ летась — да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашыстаў. Выстаўка — першая ластаўка будучага гісторыка-краязнаўчага музея, які мусіць з’явіцца ў райцэнтры. Вось толькі заспець тую выстаўку мы не паспелі — у памяшканнях, дзе рэалізоўваўся музейны праект, распачалі рамонт.

Беразіно на сённяшні дзень адзін з нямногіх райцэнтраў Міншчыны, дзе дагэтуль няма краязнаўчага музея. Такую прыкрую сітуацыю летась мы назіралі ў Смалявічах. Як і там, у Беразіно была зацверджана райвыканкамам рабочая група па стварэнні краязнаўчага музея, якая разам з фондамі размяшчаецца ў будынку колішняга дзіцячага садка.

Трэба сказаць, што ідэя стварэння музея ў Беразіно агучвалася яшчэ паўстагоддзя таму, у 1958-м, мясцовым краязнаўцам Пятром Прыбыткіным, які, нягледзячы на вялікія высілкі, так і не змог зрушыць працэс з мёртвай кропкі.

Ці атрымаецца гэта сёння ў дырэктара рабочай групы Марыны Лабковіч і галоўнага захавальніка фондаў Алены Казловай, а таксама пазаштатнага супрацоўніка — мясцовага краязнаўцы Ігара Жукоўскага? Пытанне, насамрэч, вельмі сур’ёзнае. Пакуль у фондах будучага музея налічваецца каля 800 прадметаў. На жаль, на набыццё экспанатаў сродкі не выдаткоўваюцца, а ўсё, што цяпер маецца, падорана неабыякавымі жыхарамі Бярэзіншчыны. Што і казаць, у рабочай групы няма нават сродкаў фіксацыі: ні лічбавага фотаапарата, ні відэкамеры. Без іх можна хіба спадзявацца на валанцёраў са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства...

Не распрацавана яшчэ і канцэпцыя музея. Дапамагаць у яе стварэнні паабяцаў Мінскі абласны краязнаўчы музей з Маладзечна. Аднак прыдумаць свой каларыт, думаецца, павінны ўсё ж мясцовыя работнікі культуры, якія не мусяць засяроджвацца на тыповых для большасці краязнаўчых музеяў прадметах сялянскага побыту ХІХ стагоддзя. Тым больш, выбіраць ёсць з чаго. Да прыкладу, у адной з вёсак раёна з ХІХ стагоддзя па адметнай рэцэптуры вараць Машчаніцкае піва. Засталіся апошнія майстры. На жаль, ім няма каму і перадаць свае веды. У гэтай сувязі напрошваецца адмысловая інтэрактыўная экспазіцыя. Мае раён і яшчэ адзін брэнд — драўляную лыжку, музейны пакой у гонар якой быў створаны ў Раённым доме рамёстваў. Пра гэтую ўстанову пагаворым трохі пазней.

Мяркуем, што стварэнне канцэпцыі павінна ісці паралельна з падрыхтоўкай будынка музея, які павінен размяшчацца не на выселках, а ў цэнтры горада. Ідэальным, на думку кіраўніка рабочай групы, было б размясціць музей у будынку раённай бібліятэкі — помніку архітэктуры сярэдзіны ХХ стагоддзя, які знаходзіцца ў цэнтры горада, альбо ў палацы роду Патоцкіх, які мог бы стаць дыяментам Беразіно.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Пасля сустрэчы з супрацоўнікамі рабочай групы па стварэнні музея ў Беразіно задаліся пытаннем, ці магчыма сёння стварэнне такой установы без выкарыстання сучасных тэхналогій? І маю на ўвазе тут не інфакіёскі ці 3-D-інсталяцыі, а ўсяго толькі падключэнне да Інтэрнэту, якога на працоўным месцы ў бярэзінскіх музейшчыкаў пакуль няма. Пагадзіцеся, без Сусветнага павуціння знаёміцца з замежным досведам стварэння музейных канцэпцый вельмі няпроста…

Сядзіба Патоцкіх: як вырашыць праблему?

Разам з мясцовым краязнаўцам Ігарам Жукоўскім мы агледзелі і райбібліятэку, і сядзібу Патоцкіх. І выявілі адносна добры стан апошняй. Сцены, страха даволі трывалыя. У ХХ стагоддзі ў будынку размяшчалася сярэдняя школа. Але высветлілася, што некалькі тыдняў таму на ўзроўні райвыканкама пачаліся размовы пра знос помніка як аварыйнага аб’екта. Маўляў, бераг ракі разбурае падмурак палаца. Але ці не прасцей умацаваць сам бераг? Спадзяёмся, што да абвастрэння сітуацыі справа не дойдзе. Тым больш з дзесяцігоддзе таму быў створаны праект зоны адпачынку, у межах якога адрамантаваны і дах. Чаму б да яго не вярнуцца сёння, нават нягледзячы на тое, што ў свой час палац за невялікія грошы быў прададзены прадпрымальніку, якога ўжо няма ў жывых. Маючы такі аб’ект, горад мог бы зарабляць на транзітных турыстах на трасе Мінск — Магілёў.

За старую лыжку — дзве новыя

Мог бы зарабляць раён і на адметных вырабах шматлікіх народных майстроў. Аб’яднаны яны Раённым цэнтрам рамёстваў, які пачаў сваю працу толькі ў пачатку мінулага года на базе Народнага клуба майстроў.

Малодшы навуковы супрацоўнік Алена Лапыцька распавяла, што ў 2010 годзе пасля правядзення рэгіянальнага свята “Бярэзінскія лыжкары” быў створаны Музей драўлянай лыжкі. Першапачаткова музей размяшчаўся ў прыватным доме колішняга кіраўніка Народнага клуба майстроў Бярэзінскага РДК Ганны Ждановіч, якая, на вялікі жаль, у мінулым годзе памерла.

Каб сабраць узоры старадаўняга лыжкарства, РЦР аб’явіў акцыю “За адну старую лыжку — дзве новыя!” Зараз у музейным пакоі прадстаўлена ўнікальная калекцыя лыжак мясцовага майстра Яўгена Осіпава. Кожная яго разная лыжка мае падабенства з дрэвам, з якога яна зроблена. Адмысловец вядзе і школу лыжкарскага майстэрства. Сёння ў яго вучыцца 8 дзяцей, праходзяць майстар-класы для дарослых.

А неўзабаве ў Беразіно мусіць з’явіцца 20-метровая разная драўляная лыжка. Прыкладны час, калі майстры замахнуцца ўвайсці ў Кнігу рэкордаў Гінеса, — 30 верасня. Менавіта на гэту дату запланавана Трэцяе рэгіянальнае свята “Бярэзінскія лыжкары”. Пакуль жа самая доўгая лыжка ў 17 метраў знаходзіцца ў Румыніі.

Прыкра, што доўгі час была праблема прывезці дрэва для лыжкі. Толькі дзякуючы падтрымцы старшыні райвыканкама быў знойдзены неабходны транспарт. Але не толькі ў гэтым бачаць супрацоўнікі РЦР галоўную праблему. Неўзабаве памяшканні Цэнтра рамёстваў чакае рамонт, пасля якога Музей драўлянай лыжкі можа знікнуць, бо, на думку некаторых чыноўнікаў, не ўпісваецца ў канцэпцыю абноўленай установы.

Маецца і яшчэ адна праблема, мо не такая і істотная, ды ўсё ж. Калі які турыст пажадае набыць сувенір, тую ж драўляную лыжку, аздобленую адмысловым узорам, дык пакуль гэта можна зрабіць толькі непасрэдна ў самога майстра. Адпаведнай сувенірнай крамы ў горадзе мы так і не знайшлі. А РЦР толькі прадумвае магчымасць атрымання адпаведных дакументаў на продаж сваёй прадукцыі.

Агульнае (не)лірычнае заключэнне

Чыноўнік — слова неблагое. Абазначае служачага, які не толькі чын мае (чытай — пэўную дзяржаўную адказнасць), але яшчэ і бярэ чынны ўдзел у справах, ад выніковасці якіх залежыць наш дабрабыт. А цяпер скажыце, чаму слова гэтае ў нас часцяком мае негатыўнае значэнне? Пытанне, як той казаў, — рытарычнае. І не з’яўлялася б яно на парадку дня, каб выстаўкі напярэдадні дзяржаўных свят не знікалі, каб у палацы не толькі музей пачаў дзейнічаць, але і кавярня.

Працяг аўтатура па раёнах Магілёўшчыны і Гомельшчыны чытайце ў наступных нумарах "К".

Папярэднія аўтатуры чытайце на старонцы рубрыкі "Праекты развіцця".

 
Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
 
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
 
 
 
Падзяліцца
 
Категория: СМІ пра нас | Добавил: lyzhkary (23.07.2015)
Просмотров: 155
Copyright MyCorp © 2017
Бесплатный хостинг uCoz