МУЗЕЙ ДРАЎЛЯНАЙ ЛЫЖКІ (Музей деревянной ложки)
Панядзелак, 29.04.2024, 16:13
Меню сайта

Раздзелы рубрык
Нашы артыкулы [4]
СМІ пра нас [52]

Наша апытанне
Ці ёсць у Вас драўляная лыжка?
Всего ответов: 55

Пошук

Статыстыка

Главная » Статьи » СМІ пра нас

ЧЫТАЙЦЕ ТУТ.

“Чэрпай жыццё поўнай лыжкай”, — раіць народны майстар з Бярэзінскага раёна

У вядомай казцы пра трох мядзведзяў у кожнага героя была любімая лыжка. Не сваю не чапай, кажа народная мудрасць! Гэтаму прадмету беларусы спрадвеку надавалі магічнае значэнне. Лічылася, што энергія едака, спускаючыся па тронках лыжкі ўніз, трапляе ў ежу. І можа перадаваць страве негатыўныя эмоцыі альбо, наадварот, узбагачаць яе радасным “настроем”. Даведацца пра спрадвечныя “лыжачныя” традыцыі мне дапамог народны майстар з Бярэзінскага раёна Яўген Осіпаў.

Мужчынам і жанчынам

Беразіно лічыцца “лыжачнай сталіцай” рэспублікі, бо менавіта тут знаходзяцца ўнікальны музей драўлянай лыжкі, а таксама помнік гэтаму сталоваму прадмету вышынёй каля трох метраў. У гэтым раёне працуюць адмысловыя майстры, якія захавалі старажытныя традыцыі. А падзівіцца на іх работы можна ў раённым цэнтры рамёстваў, для якога перадалі будынак былога дзіцячага садка.

Па сваёй форме суцэльная лыжка — сімвал адначасова мужчынскага (тронкі, ручка лыжкі) і жаночага пачаткаў (чарпак). Карыстаючыся лыжкамі, члены сям’і ўсведамлялі, што яны — адзінае цэлае. Менавіта гэтае адзінства мужчыны і жанчыны надавала моцы і надзяляла энергіяй увесь род. Аўтарскае ўвасабленне гэтай ідэі мы бачым у некаторых лыжках Яўгена Осіпава. Напрыклад, у спецыяльных шлюбных вырабах тронкі нагадваюць жаночую фігуру. Побач — драўляныя экспанаты музея, “завязаныя” ў вузел — сімвал сямейных “кайданоў”. А чарпак незвычайнай лыжкі вытачаны ў форме сэрца.

Не можа не выклікаць смеху і здзіўлення і спецыяльная прылада для тых, хто марыць аб тонкай таліі. Для выкшталцоных прыгажунь майстар вырабіў лыжку ў выглядзе вожыка-альбіноса. Калі даядаюць страву да канца, звычайна лыжку аблізваюць. Але зрабіць гэта з “вожыкам” не атрымаецца нават пры самым моцным жаданні. Калі ж на апетыт вы не скардзіцеся, можаце пакаштаваць прысмакі лыжкай пад назвай “Мішка вельмі-вельмі любіць мёд”. Па тронках да “дупла з салодкім” крадзецца мядзведзь, але пчолы яму не вельмі радыя.

— Чэрпай жыццё поўнай лыжкай, кажа народная мудрасць. Чым больш поўная лыжка натхнення, энергіі, тым больш поўным  і насычаным будзе тваё жыццё, — лічыць майстар.

Гэтаму ён навучае і сваіх сыноў, і мясцовых дзяцей на ўроках працы. Зараз разьбяр працуе над стварэннем калекцыі лыжак з розных парод дрэва. Матэрыял, з якога рабілі лыжку, спрадвеку меў своеасаблівае значэнне для кожнага выпадку карыстання. Беларусы, у адрозненне ад рускіх, раней не размалёўвалі гэты прадмет побыту.

Для бадзёрасці і настрою

Асінавыя лыжкі лічыліся магічнымі, знахарскімі. Яны добра паглынаюць адмоўную энергетыку, негатыўныя эмоцыі — зайздрасць, злосць, нянавісць. Лыжкі з гэтага дрэва бралі з сабой у дарогу. Падарожнікам даводзілася есці ў розных месцах, стравы гатавалі чужыя людзі, і асінавая лыжка засцерагала ад негатыўнай інфармацыі.

Ліпавыя лыжкі — сапраўдная каштоўнасць. Яны дапамагаюць сям’і згуртавацца ў адзінае цэлае за абедзенным сталом, а таксама выбраць і засвоіць з ежы менавіта тое, што арганізму найбольш патрэбна і карысна ў гэты момант.

Бярозавыя лыжкі карысныя для нервовай сістэмы, спрыяюць даўгалеццю, умацоўваюць дух. Ежа з бярозавай лыжкі нясе радасць і задавальненне для ўсіх членаў сям’і. “Бярозаўкі” дапамагаюць раскрыць сэрца, робяць размовы шчырымі, а іх уладальнікі могуць лепей адчуць настрой блізкага чалавека.

Рабінавая лыжка выдатна гарманізуе жаночае біяполе, прасвятляе думкі, дапамагае пры нервовых захворваннях. А вось кляновыя лыжкі падыходзяць мужчынам, гаспадарам і здабытчыкам. Яны дапамагаюць прадстаўнікам моцнага полу прымаць правільныя рашэнні і даюць сілы, каб рухацца да вызначанай мэты. А таксама з імі лягчэй захоўваць пачуццё гумару. Тыя, хто выбіраў клён, рабіліся больш эмацыйна ўстойлівымі.

Яўген Паўлавіч вырабіў ужо дваццаць лыжак з розных парод дрэва. Па іх школьнікі, што наведваюць музей, могуць вывучаць беларускую флору. Па-майстэрску вытачаныя тронкі з лісточкамі або нават ягадамі падказваюць, што за расліна натхніла разьбяра. Дарэчы, як прызнаўся суразмоўца, некаторыя пароды, напрыклад вішню, знайсці было не вельмі лёгка. Яму пашчасціла выпадкова ўбачыць ссечанае дрэўца на сметніку. Звычайна выразаюць лыжку з суцэльнага кавалка палена. У планах народнага ўмельца — працягнуць ствараць калекцыю, каб увасобіць усё багацце беларускай флоры ў драўляных сімвалах дабрабыту.

Лыжачныя прыкметы

  • Калі выпусціць з рук лыжку — прыйдзе жанчына, калі нож — мужчына.
  • Дзве лыжкі ў адной пасудзіне — да вяселля.
  • Лыжку на стале пасля абеду забыцца — да госця.
  • Праліць соус з лыжкі — наклікаць сямейную сварку.
  • Нельга стукаць лыжкамі — ад гэтага “лукавы” радуецца і склікаюцца на абед злыдні.
  • Нельга пакідаць лыжку так, каб адным канцом яна абапіралася на стол, а другім — на талерку. Па лыжцы, як па мосце, у міску можа пракрасціся нячыстая сіла.
  • На лыжках варажылі: у кадку з вадой клалі гэтыя прадметы па колькасці членаў сям’і, заўважыўшы, якая чыя. Затым боўталі ваду. Раніцай глядзелі: калі ўсе лыжкі ў кучы, на працягу года ўсе застануцца ў сям’і. Калі ж чыя-небудзь адстала, гэты сваяк пакіне сям’ю (пойде замуж, пераедзе або памрэ і г. д.).
 
 
Дата публикации: 09:25:00 20.05.2014
Категория: СМІ пра нас | Добавил: lyzhkary (20.11.2014)
Просмотров: 619
Copyright MyCorp © 2024
Бесплатный хостинг uCoz