МУЗЕЙ ДРАЎЛЯНАЙ ЛЫЖКІ (Музей деревянной ложки)
Чацвер, 26.04.2018, 18:03
Меню сайта

Раздзелы рубрык
Нашы артыкулы [4]
СМІ пра нас [52]

Наша апытанне
Ці даводзілася Вам есці драўлянай лыжкай?
Всего ответов: 291

Пошук

Статыстыка

Главная » Статьи » СМІ пра нас

2013 год. ЧЫТАЙЦЕ ТУТ.

«Бярэзiнскiя лыжкары»

Летась у Беразіно адбылося Другое рэгіянальнае свята-конкурс, прысвечанае вырабу драўлянай лыжкі, у якім бралі ўдзел 28 майстроў з Мінскай вобласці, з іх 6 — з Бярэзінскага раёна. Падчас свята адчынілі Музей драўлянай лыжкі, адзіны ў Беларусі. Нават паставілі ёй помнік — самую вялікую па памерах з тых, што зроблены ў Беларусі: 2 метры 40 сан-тыметраў. А ўвогуле самая вялікая драўляная лыжка выраблена ў Расіі, яна ўнесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса, мае даўжыню 9 метраў. Бярэзінскія лыжкары ўпэўнены, што змогуць зрабіць большую, і ўжо знайшлі для яе вырабу вялізны дуб.

Сяргей Мурашоў з Валожынскага раёна са сваімі вучнямі

Нехта здзівіцца: такая ўвага да звычайнай лыжкі? А чаму ж не, хіба яна не вартая гэтага? Драўляная лыжка была карміліцай многіх пакаленняў не толькі беларусаў, але і многіх еўрапейскіх народаў. І ў наш час не забытая ў нашай краіне. Таму вельмі важна падтрымліваць асяродкі, дзе ёсць майстры — рэзчыкі па дрэве.

Пераможцы свята–конкурсу

Ганна Ждановіч, якая ўсё жыццё працуе ў галіне традыцыйнай культуры і ўзначальвае Клуб народных майстроў Бярэзінскага раёна, каб адрадзіць даўбёжнае рамяство, вырашыла пачаць з самага простага вырабу — драўлянай лыжкі. Ганна Аляксандраўна разважала так: майстры-лыжачнікі ў Бярэзінскім раёне былі і ёсць, трэба паклапаціцца, каб яны мелі вучняў. Наступны этап — павышэнне прэстыжу працы майстроў, папулярызацыя самой драўлянай лыжкі, вяртанне яе ў сучаснае жыццё. У 2010 годзе Ганна  Аляксандраўна, параіўшыся з Віталем Каспяровічам, загадчыкам аддзела традыцыйнай культуры Мінскага абласнога метадычнага цэнтра, прапанавала правесці ў Беразіно першае абласное свята-конкурс разьбяроў, якія вырабляюць лыжкі. Пераможцы конкурсу пакінулі свае вырабы для Музея драўлянай лыжкі, цяпер яны там і захоўваюцца. Аказалася, што простая лыжка здольная нарадзіць у сапраўднага майстра шмат бліскучых ідэй.

Экспанаты з Музея драўлянай лыжкі ў Беразіно

Адзін з бярэзінскіх лыжкароў — Яўген Паўлавіч Осіпаў, унікальны майстар з вёскі Лагі. Ён стварыў лыжку “Вожык-альбінос” — для тых, хто хоча скінуць лішнюю вагу. Такую лыжку нельга аблізнуць. На іголкі гэтага вожыка пайшло 1500 зубачыстак. Яшчэ адна лыжка прысвечана мішку, які «вельмі, вельмі, вельмі любіць мёд». Мішку Яўген Паўлавіч выразаў на ручцы лыжкі (ён паўзе, а перад ім — пчолкі). Яго ж работа — трыпціх, у якой дзве лыжкі выраблены ў выглядзе сэрца, звязаныя вяроўкай, яны сімвалізуюць шлюбную пару. Дарэчы, гэты майстар робіць выдатную скульптуру. І ўсё нестандартна, з выдумкай, творчай фантазіяй, з жартам і лёгкай іроніяй. І самую вялікую ў Беларусі лыжку на 12 літраў з гербам Беразіно зрабіў таксама ён. Яго ж ідэя — паставіць помнік лыжцы. А выразалі яе ўчатырох — ён, яго сын Павел, Васіль Мурашка і Аляксандр Паскробка. Яўген Паўлавіч Осіпаў — настаўнік фізікі, не мае адукацыі разьбяра. Але гадоў у 45 захацеў займацца дрэвам, бо ўсе мужчыны з яго роду былі масцеравымі. І яму захацелася нешта рабіць сваімі рукамі.  З’явілася такая патрэба душы. Акрамя розных арыгінальных вырабаў з дрэва, зрабіў іканастас для царквы ў вёсцы Мікулічы.

Яўген Осіпаў з вёскі Лагі Бярэзінскага раёна трымае лыжку з гербам райцэнтра

Васіль Андрэевіч Мурашка выраб-ляе лыжкі ўсяго гады тры. Гладзень-кія, роўненькія, яны вельмі прыдатныя пры варцы варэння і выпяканні бліноў. Майстар неяк знайшоў інструменты свайго дзеда, а калі сам стаў дзедам, заняўся разьбой і вельмі захапіўся гэтай справай. Лепшай на конкурсе ў Беразіно прызнана яго хатняя калекцыя. Аляксандр Паскробка — малады майстар, спрабуе сябе і ў разьбе, і ў лозапляценні, гатовы развіваць далей ідэю папулярызацыі лыжкі. На свяце бярэзінцы чамусьці адразу выстраіліся ў чаргу за лыжкамі майстра Іванейчыка з вёскі Морач Клецкага раёна. Умомант 80 лыжак прадаў! Аляксандр Віктаравіч не мае спецыяльнай адукацыі, працуе ў раённым цэнтры рамёстваў і вучыць дзяцей разьбярскаму рамяству. Сам робіць мэблю, самыя розныя драўляныя прадметы побыту на заказ, для выставак. А ўсяго разьбой займаецца гадоў дзесяць. Любіць аздабляць свае лыжкі вобразам бусла. Сімвалічна. На свяце маладая пара, якая толькі што ўзяла шлюб, выбрала сабе на памяць менавіта яго лыжку. Ён яе падарыў маладажонам, а яны аддзячылі яму шампанскім. Пётр Васільевіч Чубін, які працуе на салігорскім “Беларуськаліі”, усяго год, як працуе з дрэвам. У раёне лясны масіў вялікі, з сыравінай няма праблем, тым не менш усе майстры ў горадзе перавяліся. А яму гэта справа па душы. Журы конкурсу адзначыла ўдзел Чубіна ў развіцці традыцыі. Аляксей Аляксеевіч Гарбуноў з Крупак, кіраўнік народнай студыі разьбы па дрэве, створанай 12 гадоў таму, з 36 гадоў стаў працаваць з дрэвам. Пэўна, гонар за дзеда, які быў выдатным сталяром-чырванадрэўшчыкам, падахвоціў яго паспрабаваць свае сілы. Маёр у адстаўцы, ваяваў у Афга-ністане, ён не толькі навучае дзяцей, але і выхоўвае ў іх мужчынскія рысы характару, што важна для майстра-рэзчыка.

Ганна Ждановіч ля помніка драўлянай лыжцы

Выстава майстроў Любанскага раёна прыцягнула ўвагу таксама бусламі — дзве зграбныя постаці як бы варастаюць з дрэва, на якім змешчаны лыжкі розных майстроў гэтага раёна. Арыгінальная ідэя! А побач працаваў выдатны майстар Савіцкі, які прадстаўляў клуб народных традыцый “Вытокі” з аграгарадка Сосны. Уладзімір Уладзіміравіч робіць і бочкі, і маслабойкі. А на гэтым свяце быў узнагароджаны ў намінацыі “За творчае развіццё лыжкарскага рамяства”. Хатнюю калекцыю Анатоля Арцёмавіча Трубчыка журы таксама адзначыла. Гэты майстар са сваімі вырабамі пабываў у Нідэрландах. Ён ініцыятар стварэння клуба “Вытокі”, працай якога кіруе Зоя Дубік. Яна шмат цікавага расказала пра рэзчыкаў свайго раёна, пра тое, як тут рупяцца пра пераемнасць традыцый. У 2011 годзе ў Любані створана дзіцячая Школа народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Нягледзячы на тое, што на-вучанне платнае, разьба па дрэве — самае запатрабаванае рамяство.

Малодшы з дынастыі Дубягаў (в. Ізбіно Вілейскага раёна)

Старшыня журы Другога рэгі-янальнага свята-конкурсу, прысве-чанага вырабу драўлянай лыжкі, прафесар Яўген Міхайлавіч Сахута, які ўзначальвае Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, адзначыў творчасць майстроў з Валожыншчыны — яны больш блізкія да традыцыі, адчуваюць форму лыжкі. Там шчыруе Сяргей Васільевіч Мурашоў з аграгарадка Доры. Сам ён гадоў 40 рэжа, мае багата вучняў. А ў адраджэнні і развіцці традыцый лыжкарскага рамяства шмат зрабіў Сяргей Анатольевіч Дубяга з вёскі Ізбіно Вілейскага раёна. Яго жонка і дзеці таксама выдатныя лыжкары. Што да традыцыйнай карміцелькі, якая служыла нашаму народу шмат стагоддзяў, то яе калі і робяць майстры, дык не з палена, масіву дрэва, а з дошкі, карыстаюцца электраінструментам, каб хутчэй і больш лыжак зрабіць. Трохвугольную цурку з палена, з якой майстры заўсёды рабілі лыжку, Яўген Міхайлавіч бачыў гадоў 20 таму. Аднак упэўнены, што старэйшае пакаленне майстроў яшчэ рэжа традыцыйна, проста іх цяжка адшукаць цяпер, бо патрэба ў драўлянай лыжцы, якой даўней елі, амаль знікла. Рынак дыктуе, а майстры прыстасоўваюцца да патрэб грамадства. У плане захавання традыцыі вялікая роля належыць музеям, якія дэманструюць класічныя лыжкі, а экскурсавод засяроджвае на іх увагу, бо на іх відаць след рукі майстра, стараннасць, з якой ён рабіў лыжкі для сваіх сямейнікаў. Таму з’яўленне Музея лыжкі ў Беразіно — вялікая падзея ў нашай краіне, як і свята-конкурс лыжкарскага рамяства, якое тут правялі ўжо ў другі раз.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ.
Фота аўтара.

Категория: СМІ пра нас | Добавил: lyzhkary (27.03.2014)
Просмотров: 282
Copyright MyCorp © 2018
Бесплатный хостинг uCoz