30 верасня 2012 года пакой-музей адзначыць свой дзень нараджэння. Шаноўныя госці збяруцца ля імяніннага караваю ў 12 гадзін.
Сёння пакой-музей размяшчаецца ў новым месцы - былым будынку пачатковых класаў гімназіі. У пакоі-музеі створана новая экспазіцыя. Калекцыя музея папоўнілася экспанатамі - драўлянымі лыжкамі, вырабленымі майстрамі-лыжкарамі-удзельнікамі II рэгіянальнага свята драўлянай лыжкі "Бярэзінскія лыжкары", якое адбылося 11 жніўня гэтага года ў нашым горадзе.
У час правядзення святочнай імпрэзы адбудзецца майстар-клас па вырабе драўлянай лыжкі. Яго правядуць разьбары Яўген Осіпаў і Васіль Мурашка, вядомыя дадёка за межамі Бярэзінскага раёна. Кожны жадаючы зможа прыняць удзел у "біцці баклуш" - вырабе нарыхтовак для драўлянай лыжкі.
У пакоі-музеі будзе наладжана выстава-дэгустацыя варэння, зваранага гаспадынямі з дапамогай драўлянай лыжкі па ўласным рэцэпце.
У 12.30 адбудзецца віртуальнае падарожжа ў гісторыю драўлянай лыжкі.
Арганізатары свята абяцаюць: будзе цікава, весела, смачна.
|